У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў калектыў работнікаў каледжа наведаў адно з самых трагічных месцаў Магілёўшчыны і Беларусі ў цэлым – мемарыяльны комплекс "Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці" - вёску Боркі.
15 чэрвеня 1942 года тут адбылася адна з найбуйнейшых карных аперацый нацыстаў за гады Вялікай Айчыннай вайны. У той дзень акупанты на чале з катам Хатыні Оскарам Дзірлевангерам знішчылі вёску Боркі і яе жыхароў. Яны сцерлі з твару зямлі некалькі бліжэйшых пасёлкаў. Былі расстраляны і спалены больш за 1.800 (!) мірных жыхароў. Частка была забітая, а частка спалена... У жывых засталося толькі 23 чалавекі.
Тут усё зразумела і без экскурсавода: прозвішчы, успаміны, скульптуры. Калі падысці да кампазіцыі, што паказвае маці, якая схілілася над пустой «Калыскай», маці, якая страціла самае дарагое - сваё дзіця, то чуеш рыпанне хісткай пустой калыскі - спрацоўваюць усталяваныя датчыкі руху. Ідзеш далей - і застываеш у здранцвенні каля "Свірана", які ўвасабляе жах тых падзей: з яго, ахопленага агнём, спрабуюць абрацца людзі. А за кампазіцыяй са згарэлых зрубаў - «Калодзеж» з застылай чорнай вадой. У такім, толькі сапраўдным, 78 гадоў назад фашысты жыўцом тапілі маленькіх дзяцей. Цяпер сюды людзі нясуць тым, хто так і не паспеў вырасці, цацкі…